Principia (belaruskaja)

Камітэты Свабоды

Камітэты Свабоды вераць у каштоўнасьці лібэральнай культуры і імкнуцца спрыяць іх распаўсюджаньню ў грамадзянскай супольнасьці. Гэта ёсьць фэдэрацыя свабодных палітыка-культурніцкіх таварыстваў, адкрытых усім, хто хоча засьведчыць вернасьць ідэалам свабоды і дэмакратыі.

Камітэты выступаюць супраць любой формы аўтарытарызму і ўціску дзяржавы, мы абараняем свабоду!

Камітэты Свабоды супрацьстаяць уціску дзяржавы, цэнтралізму, палітычнаму і прафсаюзнаму бюракратызму. Змагаюцца за свабодны рынак, рэформу дзяржавы, дэмакратыю альтэрнатыўнага прадстаўніцтва, культуру, незалежную ад улады. Прымаюць прынцыпы свабоды, якія прывялі да падзеньня Бэрлінскага мура ў 1989 г. і змагаюцца супраць старых і новых рэжымаў.

Кіруючы Камітэт складаецца з больш чым 150 інтэлектуалаў, мастакоў і прадпраймальнікаў і служыць маральным гарантам культурніцкай і палітычнай дзейнасьці руху. Ён вызначае асноўныя напрамкі агульнай дзейнасьці.

Тэрытарыяльныя Камітэты вядуць канкрэтную працу па спэцыфічных тэмах. Яны зьяўляюцца самастойнымі, аўтаномнымі адзінкамі паводле свайго статуту і дзейнасьці. Злучаныя між сабою прынцыпамі руху. Няма ніякага абмежаваньня дзейнасьці асобных камітэтаў, акрамя арыентацыі на агульныя культурніцкія і палітычныя прыярытэты: для нас гэта азначае сапраўдны фэдэралізм у дачыненьні да прынцыпаў свабоды.

Камітэты могуць разгортваць сваю дзейнасьць культурніцкага або палітычнага характару ў розных формах: сустрэчы, дэбаты, маніфэстацыі, прапазыцыі, акцыі салідарнасьці і пратэсту, дасьледваньне грамадзкай думкі. Могуць дзейнічаць самастойна або ў сувязі з іншымі Камітэтамі.

Дзеля ўтварэньня новага Камітэту неабходная група з ня менш як 9 асобаў, якая павінна абраць са свайго кола прэзыдэнта і прадстаўніка Камітэту.

Да існуючага Камітэту могуць далучацца новыя сябры, альбо можна ўтвараць новы Камітэт. У якасьці альтэрнатывы можна належаць да Камітэту, не беручы ў яго працы актыўнага ўдзелу, а падтрымліваючы яго прапазыцыямі і ўнёскамі.

Дзейнасьць у рамках Камітэту ёсьць дабраахвотная. Сябры Камітэту вераць у магчымасьць дзейнічаць на карысьць грамадзянскай супольнасьці і па-за рамкамі прафэсійнай палітыкі.

Прынамсьці раз на год Кіруючы Камітэт і тэрытарыяльныя Камітэты зьбіраюцца на Генэральную Асамблею, на якой абмяркоўваюць тэмы палітычнага і культурніцкага характару.

(Valerj Bujval)